Чаму беларусы прыйдуць на Еўрапейскі марш

Працягваючы разважанні аб Еўрапейскім маршы, вырашыў напісаць, чаму беларусы ўсё ж такі прыйдуць на Еўрапейскі марш.


Дзеці (3-6 год).
Дзеці прыйдуць з бацькамі. Марш апазіцыі — гэта цікава, гэта не ў дзіцячы садок хадзіць. Тым больш, яны бачылі прыгожыя налепкі, і марш іх, канешне, зацікавіл.
Старэйшыя дзеці (7-14 год).
Гэтыя дзеці ходзяць усюды. І на Джынсавым фэсце іх было шмат. Што ж іх вабіць? Канешне, халява. Дзе яшчэ можна атрымаць ці-шотку з сымболікай Еўразвязу, ці банданку, ды хоць значак безкаштоўна? Дзе яшчэ можна пачуць беларускую мову? Дзе яшчэ, акрамя дзяржаўных святаў, на якія іх не пускаюць бацькі з-за вялікай колькасці нецвярозых, пабачых такую колькасць людзей? Ды не проста людзей, а нейкае аб’яднанне, людзей з адной мэтай, людзей, якія разам ідуць кудысці. Канешне, гэта прыцягвае. Бо «я не адзін такі, нас шмат». Яшчэ потым можна распавядаць сябрам, як супрацьстаяў АМАПаўцам разам з мужнай моладзю, і ганарліва паказваць сіняк, мабыць, атрыманы і ў іншым месцы, але ж праверыць гэта немагчыма!
Падлеткі (15-18 год).
Падлеткі на падобныя акцыі ходзяць ужо асэнсавана. То бок, іх ужо нешта не задавалняе ў краіне. Мабыць, гэта ўрокі беларускай літаратуры, з якіх выключылі некаторыя творы, а, мабыць, нехта з іх сяброў састаіць у нейкай моладзевай арганізацыі, і яны іх падтрымліваюць. У гэтым узросце усё робіцца на эмоцыях, таму, гэта самыя актыўныя ўдзельнікі падобных акцый. Падлеткам хутка паступаць ва ўніверсітэт, і яны добра ведаюць пра размеркаванне, ведаюць пра хабар, ведаюць, што паступіць будзе даволі цяжка. Іх прымушаюць уступаць у БРСМ, а для пратэсту ў такім узросце шмат нятрэба. Падлеткі шмат глядзяць тэлебачанне. І, зразумела, не беларускае. Яны ведаюць, што такое Еўропа, і яны жадаюць жыць менавіта ў такіх умовах.
Моладзь, студэнты (19-25 год).
Студэнты… адна з самых актыўных частак насельніцтва. Людзі, якія ведаюць усё, бо яны карыстаюцца інтэрнэтам. Шмат з іх пабывала ў Еўропе, а пасля Беларусі (асабліва, калі гэта не сталіца, а нейкі райцэнтр), лёзунг «Беларусь у Еўропу!» робіцца для іх даволі актуальным. Студэнтам скасавалі ільготы, гэта таксама пратэст. Мабыць, яны і ня супраць скасавання ільгот, але ж трэба павялічыць стыпендыю да адпаведных памераў. Лекцыі ідыялогіі ва ўніверсітэтах. Хто гэта чуў — той добра мяне зразумее. Студэнты — народ разумны, і яны добра ведаюць, што Еўрапейская будучыня — наша будучыня, і да яе трэба імкнуцца.
Маладыя спецыялісты (26-30 год).
Вялікім пытальнікам звычайна стаіць пытанне жытла. Дакладней, яго адсутнасці. Асабліва гэта цяжка для маладых сямей. І нават праграма дапамогі маладым спецыялістам ні ў якім разе не можа параўнацца з коштамі жытла ў Еўропе. Размеркаванне. Нават ня трэба нічога казаць. Калі грошай ледзь хапае на ежу, а ў Еўропе такія ж спецыялісты зарабляюць у некалькі разоў больш, узнікае пытанне — а чаму мы так не жывем? Чаму наша краіна сябруе з Расеяй, а не з Еўропай? Ды і з Расеяй, здаецца, ужо не сябруе… Застанемся адны? Не! Наш шлях — шлях у Еўропу!
Сталыя людзі (31-55 год).
Для іх, зразумела, галоўнае пытанне — гэта заробак. Нават сярэдніх па Беларусі 300 даляраў на мясяц не хапае, каб трымаць сям’ю. А калі нараджаецца дзіця…  і бацьку, і маці прыходзіцца працаваць на некалькіх працах, толькі каб дзіця было сытае ды мела прыгожае адзенне. Потым дзіця ідзе ў школу, універсітэт… заўсёды патрэбны грошы, а дзе іх узяць? Для людзей крыху за 30 часам яшчэ не вырашана пытанне з жытлом. А некаторыя, увогуле, усё жыццё здымаюць кватэру ці жывуць у інтэрнаце. Адсутнасць незалежых прафсаюзаў, адстутнасць незалежнай інфармацыі — усё гэта ўплывае на светапогляд чалавека. Набыццё асабістага аўтамабіля таксама стаіць пытальнікам, бо спачатку на яго трэба назбіраць грошай, а потым трэба назбіраць грошай для беларускай мытні, бо расейскае аўто ў наш час ніхто набываць не жадае з-за іх вядомай якасці. Шмат хто з дарослых абураецца тым, што іх дзіцяці не можна навучацца на роднай мове. А вось у Еўропе ўсё па іншаму… Эх, жылі б мы ў Еўропе…
Пенсіянеры (55-80+ год).
Беларуская пенсія… ад гэтага словазлучэння толькі плакаць можна. Жыць — не. Як кажа бабуля-суседка, да якой часам прыязджае сяброўка з Нямечынны: «Якога чорта, калі я працавала бухгалтарам, і сяброўка працавала бухгалтарам, я атрымоўваю 150 даляраў пенсіі, а яна — 600 еўра??? Працавалі, здаецца, аднолькава, рабілі адную і тую ж справу, а атрымоўваем па рознаму. Калі б не сын, памёрла б я, напэўна…». У гэтым выказванні, здаецца, УСЁ! Бабуля жадае атрымоўваць еўрапейскую пенсію, адпавядаючую той працы, якую яна зрабіла на працягу ўсяго жыцця. І перашкаджае ёй толькі тое, што жыве яна зусім не ў Еўропе, хаця, здаецца, геаграфічна — зусім побач.
Сапраўднай еўрапейскай краінай мы станем ня хутка. Для гэтага патрэбны час. Але іншага шляху для нашай краіны няма. Бо калі не Еўропа, то што?
Еўрапейскі марш. 14 кастрычніка. 14.00. Кастрычніцкая плошча.

Наши спонсоры

Счетчики